Генрых Вацлававіч Далідовіч — адзін з самых актыўных празаікаў, прызнаны мастак-псіхолаг, нястомны даследчык чалавечага жыцця і нашага беларускага мінулага. А таксама публіцыст, літаратуразнавец і перакладчык. Нарадзіўся беларускі пісьменнік Генрых Вацлававіч ДАЛІДОВІЧ 1чэрвеня 1946 года у в. Янкавічы ў Стаўбцоўскім раёне.
Вучыўся у мясцовай школе, служыў у арміі. Закончыў філалагічны факультэт БДУ. Працаваў настаўнікам у школе, а потым супрацоўнічаў у часопісах "Полымя" і "Маладосць".
Сваё першае апавяданне надрукаваў у 1966 годзе ў раённай газеце "Прамень".
На сённяшні дзень колькасць кніг, выдадзеных ім, набліжаецца да дваццаці. Першай стала "Дажджы над вёскай", якая ўбачыла свет у 1974 г. Потым былі зборнікі апавяданняў і аповесцей "Цяпло на першацвет", "Маладыя гады", "Міланькі", "На новы парог", "Станаўленне", "Міг маладосці", "Жывы покліч", Пабуджаныя", "Свой дом".
Амаль дзесяць год было аддадзена стварэнню цыкла гістарычных раманаў "Гаспадар-камень", "Пабуджаныя" і "Свой дом" за якія яму была прысуджена Літаратурная прэмія СП БССР імя І. Мележа. Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь імя Якуба Коласа аўтар атрымаў за раман "Заходнікі".
